Амбасадар ЗША Карэн Сцюарт пакідае Беларусь, яе адклікалі ў Вашынгтон

Такое рашэнне ўлады ЗША прынялі ў адказ на настойлівую рэкамендацыю беларускага МЗС, каб амерыканскія дыпламаты пакінулі Мінск і правялі кансультацыі ў Вашынгтоне.
Амбасадар ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт пакідае Мінск і вяртаецца ў Вашынгтон на кароткачасовыя кансультацыі. Такое рашэнне было прынята ўчора ў адказ на заяву беларускага Міністэрства замежных спраў.

У чарговы раз амерыканскім дыпламатам настойліва парэкамендавалі вярнуцца на радзіму і правесці кансультацыі са сваім кіраўніцтвам.

Пра тое, што Карэн Сцюарт пакідае Беларусь, амбасадар аб’явіла на сустрэчы з апазіцыйнымі палітыкамі, паведаміў Еўрарадыё лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

“Колькі Карэн Сцюарт прабудзе ў ЗША, залежыць ад беларускага боку. Беларускія ўлады ведаюць, як выходзіць з гэтага скандалу. І пытанне палітычных вязняў тут самае галоўнае. Калі будуць вызваленыя і Казулін, і Кім — гэта адкрые новыя перспектывы ў беларуска-амерыканскіх адносінах”.

Нагадаем, 7 сакавіка Беларусь адклікала свайго амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова для кансультацый у сувязі з увядзеннем ЗША дадатковых санкцый у дачыненні да канцэрна "Белнафтахім". Беларускі МЗС тады параіў, каб Вашынгтон таксама адклікаў свайго амбасадара.