Амерыканцы ўчулі ў песні Брытні Спірс нецэнзурнае слова

Амерыканскі Бацькоўскі камітэт па пытаннях тэлебачання звярнуўся да радыёстанцый з просьбай не ставіць у дзённы эфір песню Брытні Спірс "If U Seek Amy", у якой, паводле меркавання камітэта, гучыць нецэнзурнае слова. Аб гэтым паведамляе Billboard. Назва песні перакладаецца як "Калі ты шукаеш Эмі", аднак кіраўнік камітэта Цім Уінтэр (Tim Winter) сцвярджае, што пры хуткім вымаўленні "If U Seek Amy" гучыць як назвы літар F, U, C, K. "Няма ніякіх сумневаў, што песня зусім не пра дзяўчыну з імем Эмі", - заяўляе Ўінтэр.

Кампазіцыя "If U Seek Amy" стала трэцім сінглам Брытні Спірс з яе апошняга альбома 2008 года "Circus". Песня гучыць у эфіры самых папулярных радыёстанцый ЗША і займае цяпер 92 радок у хіт-парадзе часопіса Billboard. У краіне ўжо прададзена 107 тысяч асобнікаў сінгла ў лічбавым выглядзе.

Амерыканскі Бацькоўскі камітэт па пытаннях тэлебачання быў заснаваны ў 1995 годзе і налічвае каля мільёна актывістаў. Дэвіз арганізацыі: "Вярнуць адказнасць і сямейныя каштоўнасці ў індустрыю забаваў". У розны час арганізацыя выступала за абмежаванні паказу такіх серыялаў, як "Сябры", "Сімпсаны", "Паўднёвы парк". Камітэт развівае сваю дзейнасць не толькі ў сферы тэлебачання, але і музыкі, фільмаў і відэа-гульняў.

Фота: www.zhukovsky.net