Анатоль Лябедзька лічыць прыпыненне працы ГКС "таленавітым pr-ходам"

Рашэнне аб прыпыненні працы Грамадска-кансультатыўнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ГКС) было прынятае, каб зрабіць яго больш вядомым. Такое меркаванне выказаў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька. "Рашэнне прыпыніць працу Грамадска-кансультатыўнага савета — гэта таленавіты РR- ход. Яго можна расцэньваць як прамоцыю і рэкламу гэтай структуры", — цытуе сп. Лябедзьку агенцтва “Интерфакс”.

Анатоль Лябедзька бачыць пэўную сувязь паміж рашэннем аб прыпыненні працы ГКС і слуханнямі па “беларускім пытанні”, што адбудзецца 16-17 лістапада ў Брусэлі. Лідэр АГП лічыць, што Грамадска-кансультатыўны савет — гэта "выключна экспартны тавар, які не з'яўляецца рэальнай пляцоўкай для дыялогу ўлады і апазіцыі".