Андрэй Пачобут знаходзіцца ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінску?

Журналіст "Газеты Выборчай" Андрэй Пачобут, пра месцазнаходжанне якога не было вядома ўсю ноч, знаходзіцца ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінску. Яго збіраюцца судзіць за ўдзел у акцыі 19 снежня. Пра гэта Андрэй, нібыта, сам паведаміў, патэлефанаваўшы камусьці з сяброў ці сваякоў у Гродна. Спраўдзіць гэтую інфармацыю Еўрарадыё не ўдалося — нумар Андрэя зараз недаступны.
Нагадаем, учора позна вечарам супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у яго кватэры, пасля чаго забралі журналіста з сабой. Раней Андрэй Пачобут заявіў, што падчас допыту ў гродзенскім КДБ яму нанеслі некалькі ўдараў па галаве, справу мусіла даследаваць вайсковая пракуратура.

У той жа час у сакратарыяце суда газеце "Наша Ніва" заявілі, што Пачобута прывозілі да іх, але справа журналіста не разглядалася і цяпер яго вязуць назад у Гродна.