Андрэя Цянюту падазраюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі

Дазнавальнік УКДБ па Гомельскай вобласці Андрэй Коласаў 27 верасня дапытаў актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Андрэя Цянюту і вынес пастанову аб прызнанні яго падазроным у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт". У пастанове УКДБ указана, што Цянюта, "рэалізуючы сваю злачынную задуму, дыскрэдытуе дзяржаўныя органы ўлады і кіравання, дэстабілізуе сацыяльна-палітычную абстаноўку, уцягвае моладзь у шэрагі структуры для арганізацыі агітацыйна-прапагандысцкіх мерапрыемстваў радыкальнай накіраванасці".

За апошнія два месяцы актывіст восем разоў быў затрыманы міліцыяй па падазрэнні ў розных крымінальных злачынствах, у прыватнасці ў згвалтаванні, і ва ўчыненні адміністрацыйных правапарушэнняў.

25 верасня Цянюта выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання пасля адбывання 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту. У гэты перыяд у кватэры яго бацькоў супрацоўнікі КДБ правялі вобыск, канфіскаваўшы камп'ютэр і розную літаратуру.

БелаПАН