Андрэя Пачобута збілі на допыце ў КДБ

Гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут 8 студзеня быў затрыманы і дапытаны супрацоўнікамі КДБ наконт падзеяў 19 снежня ў Мінску. У сваім блогу ў “Жывым журнале” Пачобут піша, што абраў на допыце тактыку маўчання, за што атрымаў удары па твары, грудзях і галаве. У выніку яму выдалі “Афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць супрацьпраўных паводзінаў”, якое абвясціў начальнік абласнога ўпраўлення КДБ Іван Корж. У дакуменце пазначана, што журналіст ад 5 студзеня стаіць “на прафілактычным уліку”. Папярэджанне абвясцілі “за ўдзел 19 снежня 2010 года ў несанкцыянаваным пратэстным мерапрыемстве ў Мінску, у выніку якога быў груба парушаны грамадскі парадак, аказаны супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў. У дакуменце таксама сказана, што працяг такой дзейнасці можа прывесці да здзяйснення злачынства, прадугледжанага арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”).

Андрэй Пачобут напісаў, што не згодны з папярэджаннем. Ён мае намер звярнуцца са скаргай у пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў камітэта дзяржбяспекі, паведамляе БелаПАН.