Аnimal ДжаZ : Тое, што робім мы – гэта новае, актуальнае, лепшае!

21-га лютага клуб “Рэактар” разрываўся ад драйву і эмоцый, якія прывёз у наш горад піцерскі гурт “Аnimal ДжаZ”. Напярэдадні канцэрту, пасля канчатковай наладкі гука Еўрарадыё ўдалося паразмаўляць з монстрамі неўскага андэграўнду, толькі монстры аказаліся зусім не монстрамі, а маладымі, ці яшчэ маладымі хлопцамі, з тыповым налётам піцерскіх“пантоў”і “зорнасці”. Першым сюрпрызам стала адмова лідэра-вакаліста гурта Аляксандра “Міхалыча” Красавіцкага размаўляць з прэсай. Ён спаслаўся на тое, што не дае інтэрв’ю перад канцэртамі з-за страху згубіць голас. (Шкадую аб гэтым сюрпрызе, бо спадар Міхалыч, мяркуючы па ягоных рэцэнзіях на сайце spbclub.ru і ўвогуле па музыцы “Аnimal ДжаZ” - вельмі цікавая асоба). Лідэр сядзеў, маўчаў, слухаў, смяяўся, нават рагатаў, калі гітарыст гурта, Жэка, выказваў свае думкі наконт музыкі, андэграўнду і жыцця…




ЕРБ: Не раз заўважала, што саўнд-чэкі перад канцэртам звычайна адбываюцца нейк змрочна...Назіраючы за вамі ўпэўнілася, што маю рацыю. Такое ўражанне, что на сцэне вам некамфортна…

Ж: А мы любім змрок. Мы – рок-гурт. На сцэне ўзнікае нешта моцнае, а гэта і ёсць змрок.

ЕРБ: Аднак па вашай музыцы не скажаш, што яна змрочная…

Ж: Тут ужо справа ў прафесіяналізме. Узялі гітары , і пачаўся змрок...

ЕРБ: Вы сябе пазіцыянуеце маладым гуртом?

Ж: Канешне не. Граем усё-ткі 7 гадоў!

ЕРБ: Некалькі гадоў таму прэса абмяркоўвала супярэчлівае пытанне наконт прыналежнасці “Animal Джаз” да так званага“фармату” ці “нефармату”…

Ж: Мы ўжо разабраліся з гэтым…Мы самі робім свой фармат. Наша музыка – гэта і ёсць наш фармат, фармат, які павінен гучаць паўсюль. Нават калі гэтага не здарыцца, мы не будзем звяртаць увагу на розныя радыёстанцыі і розныя тэлератацыі…

ЕРБ: У ратацыю радыёстанцый вы так і не патрапілі?

Ж: Не, не трапілі і не збіраемся. У нас ёсць фанаты, якія прыходзяць да нас канцэрты , гэта і ёсць наша ратацыя.



ЕРБ: Некалі вы марылі аб тым, каб купіць маленькі загарадны домік, пажадана трохпавярховы, ператварыць яго ў студыю, весці музыканцкі лад жыцця і граць 20 канцэртаў у месяц. Ці здзейсніліся гэтыя мары?

Ж: Усё здзейснілася апроч таго, што мы не купілі сабе домік, а знялі яго на лета і запісалі там акустычны альбом , які зафіксавалі на DVD. А канцэртаў мы граем нават 40 у месяц!

ЕРБ: Ваш канцэрт у Мінску- адзін з гэтых сарака?


Ж: Не, наш прыезд у Мінск - гэта своеасаблівы тур. Мы раздрабляем туры на кароткія часткі і кожны месяц некуды едзем. Гэта - наш тур па Расіі, перацекшы ў Беларускі тур. Мы проста граем канцэрты таму, што нас не круцяць на радыёстанцыях. Калі гара не ідзе да Магамета, то Магамет ідзе да гары.

ЕРБ: Гэты тур прысвечаны падтрымцы вашага новага акустычнага альбома?

Ж: Не, гэта проста гастрольны тур па Беларусі з нашай канцэртнай паўнавартаснай рок-праграмай. І робім мы яго для таго, каб людзі маглі пабачыць і пачуць гурт “Аnimal ДжаZ”.

ЕРБ: Вы першы раз у Беларусі?

Ж: Не, ужо, здаецца трэці.

ЕРБ: І як мінская публіка ўспрымае вашу музыку?

Ж: Мне здаецца, вельмі крута ўспрымае. Я памятаю мінулы канцэрт, які адбыўся ў “Рэактары”. Выдатны канцэрт. І сённяшні канцэрт, гледзячы на класны настрой музыкаў, арганізатараў і людзей на форумах, пройдзе таксама паспяхова.

ЕРБ: Вас будзе “разаграваць” беларускі гурт “Фляус і Кляйн”. Ці чулі вы калі-небудзь іхнюю музыку? І ўвогуле, ці ведаеце творчасць якога-небудзь беларускага гурта?

Ж: Мы чулі гурты, якія гралі на нашым мінулым канцэрце ў Мінску. Быў адзін прыкольны гурт, толькі мы не памятаем яго назвы.



ЕРБ: Што зараз адбываецца ў Піцерскім андэграўндзе?

Ж: Ды нічога. Ёсць гурт “Аnimal ДжаZ” - вось вам і увесь андэграўнд!

ЕРБ: А наколькі цяжка ці лёгка ўвогуле быць піцерскім андэграўдным музыкай?

Ж: Шлях музыкі - гэта няпросты і нялёгкі шлях. Піцер для нас- дом, у ім мы кайфова сябе адчуваем і ўспрымаем усе цяжкасці таксама кайфова.

ЕРБ: Не збіраецеся часам змяніць Піцер на нейкі іншы горад?

Ж: Не. Але мы хочам, каб у нас былі яшчэ нейкія месцы лакацыі, дзе можна будзе пражываць пэўную колькасць часу. Калі браць самае дробнае-Масква. Можна будзе прыязджаць туды на канцэрты, здымаць там сабе кватэры, і “завісаць” на некаторы час. Ну і, вядома, Масква - не адзіны такі горад.

ЕРБ: Ці патрэбен розум, каб граць “разумную” музыку?

Ж: Я не ведаю, што такое розум! Мы пішам і граем проста тую музыку, якая выліваецца
праз нашыя эмоцыі…Гэта нашае бачанне музыкі, нашае ўсведамленне гуку і пабудаванне гармоніі і рытму. Тое, што мы адчуваем, мы выказваем праз нашы інструменты. Розум? Не ведаю, калі б мы з розумам сядзелі над нотамі…Мы граем так, як мы чуем! Увогуле, мы-эгаісты. Нам напляваць на ўсё і на ўсіх. Нельга граць не ў сваё задавальненне! Калі ты нешта робіш без ахвоты, гэта ператвараецца ў працу. Нават калі мы працуем, мы надаем слову “праца” іншы сэнс. Праца павінна ў першую чаргу прыносіць вар’яцкае задавальненне. І яшчэ вось, што такое праца. Мы аддаем вельмі шмат энэргіі і шмат сіл губляем. Але бярэм мы яшчэ больш - ад слухачоў і адзін ад аднога!

ЕРБ: Раскажыце пра сваіх слухачоў…

Ж: Пакуль не было ні гермафрадытаў, ні жывёл у залі. Нашыя слухачы-людзі. Дзяўчынкі, хлопчыкі, маладыя старыя… Якая розніца? Я увогуле не гляджу на людзей, калі граю. Я гляджу на музыкаў і на нейкія вобразы, якія сабе ўяўляю. Напрыклад, бягу аголены па егіпецкай пустыні... І гэта - крута!



ЕРБ: Як вы ставіцеся да сваіх калег-музыкаў, якія атрымалі ратацыю і сталі больш вядомымі, чым вы?

Ж: Якія калегі? У нас ёсць Сябры! “Білі-бэнд”, да прыкладу…Мы да іх ставімся вельмі добра, дапамагаем, калі ім патрэбна нашая дапамога і наадварот!

ЕРБ: Што такое канцэрт гурта АД?

Ж: Гэта-шоў-бурлеск, гэта вялікія танцы , рознакаляровыя сланы, геі і карлікі на роварах, вогнедышны дракон…

ЕРБ: Ролю дракона вы выконваеце?

Ж: Не, я звычайна знаходжуся ў цяні…Увогуле, гледачы заўсёды чакаюць ад нас тыя песні, якія ім падабаюцца і якія падабаюцца нам. Мы за гадзіну да канцэрту бярэм чорны і белы лісты паперы і глядзім, якія песні мы маем( а ў нас іх цэлая куча!). Потым складаем спіс, які, на наш погляд, будзе пасаваць менавіта сённяшняму выступу. Калі ў працэсе канцэрту нам нешта не падабаецца, мы пачынаем штосьці перарабляць, дадаваць, імправізаваць. Ой, як нас прэ! Мы не проста ў гэты момант атрымліваем імпульсы адзін ад аднога, але і ад публікі. Я ведаю дакладна, што ў Мінску рэакцыя публікі заўсёды станоўчая.

Напрыканцы нашай размовы з з гітарыстам гурта АД маўкліваму дагэтуль вакалісту Міхалычу надакучыла маўчаць. Не ведаю, з чым гэта звязана.

Міхалыч: Жэка, раскажы, як аднойчы токам цябе тут біла…

Ж: Аднойчы мяне біла ў Пецярбургу, калі мы гралі ў клубе “Грыбаедаў”( на жаль, больш там не граем, бо ён занадта маленькі)…А, успомніў! Гэта было нешта! Сцэна клуба NС была нейкай дзіўнай! Металічная, агідная, яна разыходзілася пад нагамі, і я нейкім чынам стаў правадніком току. Праз мікрафон, праз мікрафонную стойку, праз гітарныя струны, праз дотык да Міхалыча... Гэта было нязносна!

М: Пасля таго, як Жэка сыйшоў са сцэны, на працягу сарака хвілін ён так гаварыў: г-г-г-гд-д-д-д…Вельмі смешны момант.

ЕРБ: У вас ёсць шанец звярнуцца да слухачоў Еўрарадыё...

АД: Дарагія слухачы. Прыходзьце на канцэрты “Аnimal ДжаZ” не толькі ў Мінску, і у Беларусі, а паўсюль, дзе будзе выступаць наш гурт. Таму што тое, што робім мы – гэта новае, актуальнае, лепшае!

Як кажуць, чым менш, тым лепш! Нагадаю, што напярэдадні канцэрту ў клубе Рэактар пад “зорны” абстрэл з боку піцерскага гурта “Аnimal ДжаZ” падставілася Маша Яр. Тым ня менш, мне вельмі падабаецца музыка “Аnimal ДжаZ”, больш таго, я яе лічу “разумнай” музыкай! Таму раю: хадзіце на жывыя канцэрты, шукайце свой гук! Слухайце тых, хто побач і пачуйце іх!

Фота http://boehpyk8.valuehost.ru, www.xlam.of.by