Апазіцыя спадзяецца, што дзеля яе ПАСЕ парушыць свае прынцыпы

Але браць удзел у працы асамблеі зможа толькі часова, паведаміла крыніца Еўрарадыё у Бруселі 22 чэрвеня на чарговай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы будзе разглядацца “беларускае пытанне” — аднаўленне для нашай краіны статуса "спецыяльна запрошанай".

Паколькі ПАСЕ — гэта еўрапейская структура, дзе працуюць дзеючыя дэпутаты парламентаў еўрапейскіх краін, то і статус "спецыяльна запрошанага" ад Беларусі атрымае Нацыянальны сход.
 
Але запрашэнне на сесію ПАСЕ, якая пройдзе 22 чэрвеня ў Страсбургу, атрымалі як старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, так і беларуская апазіцыя — Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, якія 11 чэрвеня на паседжанні прэзідыума Палітрады вырашылі ў якасці свайго прадстаўніка накіраваць у Страсбург Анатоля Лябедзьку.

Гэтым разам прысутнічаць на сесіі ПАСЕ прадстаўнікі Беларусі будуць у якасці гасцей. І абодва атрымаюць роўныя магчымасці для звароту да еўрадэпутатаў па пытанні аднаўлення нашай краіне статуса "спецыяльна запрошанай". Пра гэта Еўрарадыё расказаў Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька:
“Наколькі я зразумеў па лісце са Страсбурга, запрашаюцца па адным прадстаўніку ад уладных структур і ад дэмакратычных сіл. Мажлівасць выступіць будзе ў фармаце да 5 хвілін і прадстаўніку дэмакратычных сілаў, і прадстаўніку ўладных структур — роўныя мажлівасці”.

Галоўным у выступе Лябедзькі, паводле яго слоў, будзе патрабаванне, каб пасля аднаўлення статуса "спецыяльна запрошанай" ў склад беларускай дэлегацыі, што будзе ўдзельнічаць у паседжаннях сесій ПАСЕ, былі ўключаныя як дзеючыя дэпутаты, так і прадстаўнікі дэмсілаў. Прычым у роўных колькасцях.

Але гэта супярэчыць самім прынцыпам Парламенцкай асамблеі, у працы якой могуць браць удзел толькі дзеючыя дэпутаты. Апазіцыя спадзяецца, што дзеля іх ПАСЕ парушыць свае прынцыпы.

Анатоль Лябедзька: “Улічваючы, што ўпершыню можа быць прынята такое рашэння — што і апазіцыі, і прадстаўнікам улады дадуць мажлівасць працаваць у Асамблеі, то, паколькі гэта не прапісана ў рэгламенце, патрэбнае палітычнае рашэнне. Для гэтага неабходнае прыняцце спецыяльнага рашэння бюро Парламенцкай асамблеі савета Еўропы. Гэта будзе зафіксавана як пазіцыя Асамблеі і гэта павінна мець юрыдычную прававую сілу”.

Не супраць у АДС, каб еўрапарламентарыі парушылі і яшчэ адну норму. Да пазбаўлення статуса ў ПАСЕ за Беларуссю была замацавана, у адпаведнасці з колькасцю насельніцтва, так званая “формула 6+6”. Гэта азначае, што ў працы сесіі маглі браць удзел 6 дэпутатаў, і за кожным з іх быў замацаваны намеснік. Намеснік мог “падмяніць” дэпутата, калі той з нейкай прычыны не мог прысутнічаць на сесіі. На сённяшні дзень у АДС уваходзіць 5 палітычных партый і 2 грамадскія рухі. І кожны не супраць накіраваць у Страсбург свайго прадстаўніка.

Анатоль Лябедзька : “Пакуль не зафіксаваны колькасны склад, і тут могуць быць розныя думкі. Што датычыць АДС, то можна браць за аснову 5 палітычных фракцый, якія працуюць у Асамблеі і якія ахопліваюць увесь ідэалагічны спектр ад левых да правых”.

Як паведаміла Еўрарадыё дасведчаная крыніца ў Еўрапейскіх структурах, калі еўрапарламентарыі і парушаць асноўныя прынцыпы сваёй працы, дык толькі на той час, пакуль Беларусь будзе ў статусе "спецыяльна запрошанай". Але, на думку суразмоўцы Еўрарадыё ў Бруселі, ініцыятыва Андрэа Рыгоні вядзе да таго, каб зрабіць нашую краіну паўнавартасным сябрам ПАСЕ. І тады прынцыпы давядзецца вярнуць.

“Ён (Андрэа Рыгоні — аўт.), напэўна, прапануе Беларусь на паўнавартаснага сябра ПАСЕ. Гэта адзін з наступных крокаў, з тых, што зараз робяцца. Але не адразу, праз пэўны час. Можа, праз паўгода-год. А калі Беларусь цалкам стане сябрам Асамблеі, тады толькі дэпутаты змогуць удзельнічаць у працы. А на дадзены момант — пакуль яны ідуць са спецыяльным статусам, не як паўнапраўны сябра — яны могуць узяць у дэлегацыю і прадстаўнікоў апазіцыі”.

Дарэчы, другім тэзісам выступу Лябедзькі у Страсбургу, паводле яго слоў, будзе тое, што, на думку дэмсілаў, вяртаць Беларусі статус спецзапрошанай яшчэ зарана.

У стварэнні калажа выкарыстаныя здымкі з сайтаў:
http://n-europe.eu/
http://www.dw-world.de/