Апостальская нунцыятура ў Беларусі падтрымала сем'і палітзняволеных

Апостальская нунцыятура ў Беларусі духоўна падтрымала сем'і палітзняволеных, паведаміў БелаПАН першы сакратар нунцыятуры Крыспін Вітольд Дубель. Паводле яго слоў, 11 студзеня апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відовіч прыняў актывістак грамадзянскай ініцыятывы "Вызваленне", заснаванай сваякамі палітзняволеных, якія знаходзяцца пад следствам у сувязі з падзеямі 19 снежня ў Мінску. "Мы будзем маліцца за тых, хто знаходзіцца ў турме, а таксама за іх родных і блізкіх", — сказаў дыпламат.

Жонка палітзняволенага Дзмітрыя Бандарэнкі Вольга паведаміла, што разам з ёй у сустрэчы ўдзельнічала Ульяна Кобец — жонка кіраўніка выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Уладзіміра Кобеца.

Жанчыны перадалі нунцыю зварот да папы рымскага з просьбай аб малітве і падтрымцы ў вызваленні беларускіх палітычных зняволеных.

Бандарэнка адзначыла, што архібіскуп Марцін Відовіч вельмі цёпла прыняў жанчын у ходзе сустрэчы, якая доўжылася каля дзвюх гадзін. Нунцый перадаў жонкам палітзняволеных ружанец ад папы рымскага Бенедыкта XVI, які той звычайна дорыць сваім гасцям, і благаславіў жанчын.

Жонка Дзмітрыя Бандарэнкі выказала Відовічу падзяку за духоўную падтрымку і надзею на дыпламатычныя крокі ў вызваленні палітзняволеных.