Арганізатарам Be Free дзякавалі за канцэрт, але наракалі на быт

Фестываль Be Free вось ужо некалькі дзён, як стаў гісторыяй. Нягледзячы на дажджы і залевы ў першы дзень і крыху змрочнае надвор’е ў другі, ён такі адбыўся. Еўрарадыё вырашыла паспрабаваць асэнсаваць, наколькі паспяховым было музычнае мерапрыемства ва ўкраінскім горадзе Львове, паспрабаваць разгледзець плюсы і мінусы арганізацыі фэста. Напярэдадні фестывалю на беларускіх сайтах з’явілася інфармацыя пра тое, што беларускія і ўкраінскія памежнікі і мытнікі будуць звышпільна даглядаць усіх, хто накіроўваецца на фестываль у Львоў. Памятаючы леташнія прыгоды па дарозе на фэст, калі аўтобусы з музыкамі праходзілі мяжу ў абодвух накірунках па 8 гадзін, а аўтобусы са слухачамі і ўвогуле завярнулі, сёлета музыкі і фэны рыхтаваліся да чарговага выпрабавання на ўпартасць. Але неверагоднае здараецца – мяжу аўтобусы з Беларусі прайшлі на дзіва. Нават кіроўцы аўтобусаў былі здзіўленыя і спісалі такую палёгку на добры настрой начальніка змены на памежным пункце кантролю.

Нажаль, беларусаў у Львоў даехала не так шмат, як таго хацелася арганізатарам. І калі сёлетняя невялікая колькасць беларускіх фэнаў на Басовішчы тлумачылася цяжкасцямі з афармленнем шэнгенскай візы, то львоўская малалюднасць тлумачылася няблізкім шляхам ад Беларусі да гэтага ўкраінскага горада. Менавіта гэты факт назваў галоўным мінусам фестывалю лідэр “Нейра Дзюбеля” Аляксандр Кулінковіч, калі казаў пра арганізацыю фэсту.

Аляксандр Кулінковіч: “На мой погляд як музыканта, гук на канцэрце быў не самы дрэнны, але і не самы лепшы. Усё было даволі дабротна і прыемна. А самы вялікі мінус у тым, што гэта было, на мой погляд, вельмі далёка ад Беларусі. Цяжкавата было людзям дабірацца. Заходняя Украіна – гэта далекавата, калі параўноўваць з тым жа Беластокам. Я бы параіў арганізатарам, калі будзе такая магчымасць, дамовіцца з нейкім месцам бліжэй да Беларусі”.

Ігар Варашкевіч, лідэр “Крамы”, наадварот выказаў захапленне месцам, дзе праходзіў фестываль. Кажа, горад вельмі прыгожы, і ў тых, хто ехаў паслухаць любімыя гурты, адначасова была магчымасць пазнаёміцца і з прыгажосцю Львова. Не выказаў ён і нараканняў на гук і аздабленне сцэны. Але ўказаў арганізатарам на бытавыя недарэчнасці.

Ігар Варашкевіч: “Павінен, напрыклад, чалавек садзіцца ў машыну да музыкаў і паказваць дарогу на пляцоўку. А то я спытаў у аднаго з арганізатараў, як нам праехаць з гатэлю на месца, а ён сам не ведае. Гэта дробязі, але на нармалёвым фестывалі трэба аб іх клапаціцца. Плюс, я разумею, што гэта дадатковыя грошы, але музыкам трэба 2 ночы жыць у гатэлі. Бо вельмі цяжкая дарога — 8 гадзін у адзін бок і столькі ж у другі. А так мне фестываль спадабаўся значна больш, чым у Луцку. Парадавала, што было шмат людзей”.

Лідэр “IQ-48” Саша Ракавец адразу пасля выступу быў у прыўзнятым настроі і ніякіх хібаў у арганізацыі не заўважыў.

Саша Ракавец: “Нішцяк усё! У маніторах сябе дрэнна чуў і таму сарваў троху голас, а так мне ўсё падабаецца. Насамрэч, мы першы раз на Украіне граем і для мяне гэта самае галоўнае. І калі людзям падабаецца — значыць, нішцяк!”

Сяргей прыехаў на фэст з Мінску. Як вялікі плюс ён адзначыў тое, што ў Луцк значна лягчэй прыехаць, чым у польскі Гродэк на Басовішча. Наракаў жа на адсутнасць праграмкі фэсту.

Сяргей: “Невядома, хто дакладна будзе з заяўленых зорак. Абяцаюць ZET, але ці будзе – невядома. “Маўзэр” – таксама ці будзе, невядома. Праграмкі і дакладнага спісу няма”.

Яшчэ адзін слухач з Беларусі адзначыў невялікую рэкламу фэсту ў самім Львове.

Андрэй: “Наколькі я ведаю, было мала рэкламы ва Украіне. У тым жа Львове мы не бачылі ніякіх аб’яў. Мая ўкраінская знаёмая пра гэты фэст даведалася ад мяне, хоць і жыве непадалёк ад Львова. І мы доўга шукалі намётавы лагер. Павінны былі нейкія людзі сустракаць і паказваць куды ісці”.

Такія ж праблемы былі і ў Іры з Мінску, якая разам з сябрамі прыехала ў Львоў на машыне.

Іра: “Інфармацыі пра намётавы гарадок і пра тое, як ён працуе, не было ніякай. І праграмкі, калі, дзе і якія гурты іграюць. Гэта вельмі нязручна. Калі ты прыехаў на машыне, то ёсць розныя экалагічныя рэчы, якія неабходна прадугледжваць. Арганізатары гэта не прадугледзелі — і мы сутыкнуліся з невялікімі праблемамі з гэтай нагоды. Што ж тычыцца музыкі і ўсяго астатняга, то ўсё было вельмі класна”.

Былі на фестывалі яшчэ два маладых хлопца з прафесійнымі фотакамерамі, якія ніяк не выглядалі на фэнаў рок-музыкі і здымалі чамусьці не музыкаў, а гледачоў з нацыянальнымі беларускімі сцягамі. Але, нажаль, распытаць іх пра плюсы і мінусы Be Free карэспандэнту Еўрарадыё не ўдалося. Пасля таго, як па просьбе арганізатараў да іх падышлі супрацоўнікі ўкраінскай міліцыі і запыталіся, адкуль яны прыехалі, тыя назваліся “турыстамі з Магілёва” і хуценька зніклі.

Увогуле, і музыкі, і слухачы выказваліся пра фестываль вельмі пазітыўна. І гэты пазітыў арганізатары абяцаюць захаваць на будучы фестываль