Арганізатары авіяшоў, дзе разбіўся беларускі СУ-27, заплацяць кампенсацыю?

Жыхары польскай вёскі, каля якой разбіўся беларускі знішчальнік СУ-27, патрабуюць кампенсацыі за пашкоджанае поля. Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад пракурора раённай пракуратуры ў горадзе Радам Роберта Чэрвіньскага. Па яго словах, паліва якое было ў беларускім самалёце, разлілася падчас аварыі, і атруціла частку поля. На месцы катастрофы нават праводзілася замена глебы, але мясцовыя жыхары лічаць, што недастаткова добра — ад поля па ранейшаму смярдзіць палівам і вырошчваць там нічога нельга.

Роберт Чэрвіньскі:
“Яны кажуць, гэта нашае поле, мы на ім працуем і з гэтага жывем. Дайшло да атручвання, мы нейкі час не зможам гадаваць расліны на гэтай зямлі і нам трэба фінансавая кампенсацыя за гэта. Але яны звярнуліся да арганізатара авіяшоў. Можа да 10 ці 20 тысяч злотых. Гэта ўвогуле не ідзе ў кірунку адказнасці беларускіх вайскоўцаў. Гэтыя людзі з вялікай павагай успрымаюць беларускіх пілотаў, лічаць іх героямі, хочуць ім ставіць помнік, але гэта не датычыцца пілотаў, а датычыцца арганізатараў”.

Нагадаем, беларускі знішчальнік СУ-27 разбіўся 30-га жніўня на авіяшоў непадалёк ад польскага гарадка Радам. У катастрофе загінулі пілоты Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч. Па факце катастрофы было распачатае следства, але вынікі расследавання беларуска-польскай камісіі дагэтуль не абвешчаныя.