Аргкамітэт БХД змагаецца за касцёл святога Язэпа ў Мінску

Аргкамітэт партыі Беларуская хрысціянская дэакратыя ўзнаўляе збор подпісаў за вяртанне вернікам касцёла святога Язэпа ў Мінску. Як паведаміў Еўрарадыё сустаршыня аргкамітэта Павел Севярынец, цягам месяца мяркуецца сабраць каля 10 тысяч подпісаў. Нагадаем, што ў будынку былога кляштара бернардынаў, да якога належыць і касцёл, плануецца стварыць гатэль.

Севярынец: "Мы думаем сабраць не менш за 10 тысячаў подпісаў - гэта на этап жнівень - пачатак верасня. Мы разлічваем, што актыўна падключацца і Касцёл, і грамадскія арганізацыі, і іншыя партыі. Мы ведаем, што ўжо больш за 30 тысячаў падобных подпісаў перададзена ў афіцыйныя структуры. Але калі подпісаў будзе больш, калі гэты рух будзе ахопліваць не толькі вернікаў, але і палітычную частку грамадства, тады, магчыма, усё ж такі вынік будзе".

Па словах Севярынца, абарона касцёла святога Язэпа - не адзінкавая акцыя БХД. У праграме партыйнага прэтэндэнта ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага будзе прапісанае вяртанне вернікам усіх святыняў, забраных камуністычнай уладай. У міжканфесійныя ж спрэчкі наконт прыналежнасці той ці іншай святыні канкрэтнаму веравызнанню, па словах Севярынца, БХД умешвацца не будзе.