Артысты "Свабоднага тэатра" вернуцца ў Беларусь пасля гастроляў у Ганконгу

Цяпер яны знаходзяцца на гастролях у ЗША. Як паведаміў у эфіры Еўрарадыё мастацкі кіраўнік калектыву Мікалай Халезін, раней акторы планавалі вярнуцца ў Мінск у прамежку паміж амерыканскімі і ганконгскімі гастролямі.  Аднак заклапочанасць у трупы выклікала тое, што артыстамі зацікавіўся Камітэт дзяржбяспекі. Як адзначыў Халезін, да сваякоў актораў прыходзілі кадэбісты. Таму цяпер "Свабодны тэатр" адклаў вяртанне ў Мінск — каб не сарваць ганконгскія гастролі, запланаваныя яшчэ 2 гады таму. "Калі да нас ёсць нейкія прэтэнзіі, то нас проста не выпусцяць", — патлумачыў Халезін.

Па яго словах, у актораў ёсць прапановы застацца і працаваць у Злучаных Штатах ці Брытаніі. Аднак яны не мяркуюць заставацца на пастаяннае жыццё за мяжой.