Арыштаваны былы кіраўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў

У Беларусі арыштаваны былы кіраўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Анатоль Грамовіч. Яму інкрымінуецца стварэнне і ўдзел у буйной злачыннай арганізацыі, якая налічвае некалькі дзесяткаў чалавек.
Як паведамляе "Ежедневник", Грамовіч займаў пасаду кіраўніка дэпартамента і намесніка старшыні Дзяржкантролю з 2002-га да 2006 года, раней ён быў намеснікам Упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці. Абвінавачванне датычыць менавіта перыяда дзейнасці Грамовіча, калі ён быў чэкістам.

Паводле папярэдніх звестак, справа з'яўляецца працягам цэлага шэрагу гучных расследаванняў Генпракуратуры па факце дзейнасці на мяжы з Польшчай злачыннай арганізацыі, якая ўключала ў сябе мноства злачынных груп рознай спецыялізацыі. Яны займаліся фальшывым транзітам, ухіленнем ад уплаты мытных плацяжоў пры пастаўцы ў Беларусь тавараў, перадавалі і атрымлівалі хабар. 

У прэс-службе Генпракуратуры не змаглі пацвердзіць альбо абвергнуць інфармацыю пра арышт Анатоля Грамовіча.