Атлантычныя цыклоны неўзабаве прынясуць у Беларусь зіму

У Беларусь неўзабаве прыйдзе зіма. Беларускія сіноптыкі прагназуюць, што гэта адбудзецца да канца тыдня.  У сераду, 19 лістапада, уначы па захадзе, а ўдзень па большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца ападкі, пераважна мокры снег, слабая завіруха, месцамі на дарогах галалёдзіца. На поўначы краіны ўзмоцніцца вецер - парывамі да 15-18 метраў за секунду. Тэмпература паветра ўначы 0...-6, удзень ад -1 на ўсходзе да +4 на захадзе краіны.

Аднак асноўны наступ цыклону мусіць адбыцца ў чацвер. Вось што гаворыць начальнік аддзела метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук:

"Асабліва актыўны цыклон чакаецца ў чацвер. Цэнтр яго будзе знаходзіцца над раёнамі краін Балтыі. І таму такое суседства з цыклонам выкліча ў нас яшчэ большае пагаршэнне надвор'я".

Ужо ў суботу і нядзелю на працягу сутак тэмпература паветра складзе 0... -6 градусаў. А ў панядзелак зіма асабліва пра сябе заявіць.

"Паводле папярэдняга прагнозу, у пачатку наступнага тыдня зіма больш актыўна заявіць пра сябе. Тэмпература паветра ўначы чакаецца ад -3 да -10, удзень -1...-6", - кажа Людміла Парашчук.