Авіяхулігана Сяргея Кабалава 16 траўня перадалі ў Расію (відэа)
Здарылася гэта ў Лёзненскім раёне на Віцебшчыне. Кабалава перавозілі спецаўтатранспартам, а не чыгункай, як паведамлялася раней.
Нагадаем, Кабалава вінавацяць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Расіі. Як адзначае БелаПАН, сярод іх — замах на захоп паветранага судна ў мэтах угону, учыненае з ужываннем гвалту, а таксама наўмыснае прычыненне лёгкай шкоды здароўю. Яму пагражае да 12 гадоў зняволення.
Сёлета 12 студзеня Кабалаў учыніў дэбош на борце самалёта Масква — Хургада. 7 сакавіка яго затрымалі на пад'ездзе да Гродна. Туды ён накіроўваўся на рынак "Паўднёвы", каб набыць рэчы, якія затым збіраўся перапрадаць у Расіі. Мяркуючы па словах затрыманага, у яго бліжэйшыя планы ўваходзіла здацца ўладам, а заробленымі грашыма ён планаваў забяспечыць сваякоў на перыяд сваёй адсутнасці.
Свой учынак на борце самалёта Кабалаў патлумачыў нервовым зрывам і прынёс прабачэнні пасажырам, якія ляцелі разам з ім, за сапсаваны адпачынак.
Фота — tutgrodno.com