Баевікі ў Славянску мяняюць тактыку і рыхтуюць наступ

Славянск заблакаваны ўкраінскімі падраздзяленнямі, аднак баевікі знаходзяць "дзіркі" і маюць сувязь з іншымі гарадамі. Як паведамляе РІА "Новости", "апалчэнне" Славянска мае намер перайсці ад абарончай тактыкі да наступальнай. Пра гэта заявіла прэс-сакратарка "народнага мэра" горада Стэла Харошава. "Хопіць чакаць ад іх [украінскіх сілавікоў] нападу. Мы мяняем сваю тактыку", — сказала яна.



Нагадаем, баевікі ў Славянску рэгулярна абстрэльваюць з мінамётаў пазіцыі ўкраінскіх падраздзяленняў, а ўчора каля Краматорска патрапіла ў засаду калона дэсантнікаў, 7 чалавек загінулі.



Камандзір баевікоў "Стралок" (масквіч Ігар Стралкоў, Гіркін) сёння склікаў на нараду міліцыянераў з розных гарадоў Данецкай вобласці. Ён збіраецца стварыць "МУС Данецкай народнай рэспублікі". Камандзір украінскага батальёна тэрытарыяльнай абароны "Данбас" Сямён Сяменчанка заклікаў міліцыянераў зрабіць выбар: быць з тэрарыстамі ці на баку ўкраінскіх сілавікоў. "Усе здраднікі, якія супрацоўнічаюць з тэрарыстамі, будуць знішчаныя", — цытуе словы Сяменчанкі УНН.
 

Фота — Reuters