Банкі Кіпра гатовыя падтрымаць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў
Банкіры Кіпра і Грэцыі сваімі сродкамі падтрымаюць рашэнне Еўрасаюза па санкцыях у адносінах да Беларусі.
Пра гэта падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы заявіў кіраўнік цэнтра міжнароднага бізнэса Пірэёс Банка (Грэцыя-Кіпр) Сімеон Сімеу.
Сімеон Сімеу: “Я дакладна не ведаю, што будзе адбывацца з пункту гледжання санкцый супраць Беларусі. Але, як вы ведаеце, калі рашэнне прымаецца на ўзроўні Еўрапейскага саюза, вы можаце выказвацца супраць нейкага рашэнне, але пасля таго, як рашэнне прынятае — іх неабходна выконваць. Таму, калі рашэнне будзе прынята, то Кіпр яму падпарадкуецца. Таму што яны (санкцыі — Еўрарадыё) будуць ужытыя ва ўсіх краінах Еўрасаюза”.
І гэта нягледзячы на тое, што прадастаўленне банкаўскіх паслуг з’яўляецца адным з галоўных сродкаў атрымання прыбытку гэтай краіны. Толькі на Кіпры працуюць 17 зарэгістраваных банкаў, 25 аддзяленняў і 2 прадстаўніцтвы замежных банкаў, 359 кааператыўных крэдытных устаноў. І ўсе яны, кажа Сімеон Сімеу, закрыюць свае дзверы перад беларускімі чыноўнікамі, унесенымі ў "чорны спіс" ЕС.
Праўда, прызнаўся, што пакуль ніводнага “замарожанага беларускага рахунка” у іх банку не з’явілася. Сімеон Сімеу ўдакладніў, што калі камусьці з беларускіх чыноўнікаў, унесеных у адапаведны спіс, будуць перасылаць грошы праз іх банк, то яны наўрад ці дойдуць да адрасата — патрапяць пад санкцыі і "замарозку".