Барацьбіты з карупцыяй зацікавіліся прэзідэнцкім хакейным турнірам

Вядомы ў Беларусі Міжнародны калядны турнір аматараў хакею на прыз прэзідэнта Беларусі трапіў у непрыемную карупцыйную гісторыю. Як паведамляе "Ежедневник", у цяперашні час барацьбіты з эканамічнай злачыннасцю МУС вывучаюць акалічнасці правядзення 6-га турніру. Ён праходзіў у Мінску ад снежня 2009 года па студзень 2010-га.

Увагу праваахоўнікаў выклікала "Камунікацыйнае агенцтва "Вітамін Д", якое ўдзельнічала ў арганізацыі турніру. На думку міліцыянтаў, кампанія прысабечыла частку сродкаў, якія Міністэрства спорту і турызму накіравала на правядзенне цырымоніі адкрыцця і закрыцця турніру.

Міліцыянты пачалі крымінальную справу на дырэктара фірмы і яе мужа, які з'яўляецца заснавальнікам кампаніі. Па звестках праваахоўных органаў, яны падалі заведама ілжывы каштарыс і нанеслі дзяржаве шкоду на 75,2 мільёна рублёў.

Самае цікавае, што кампанія была створаная толькі ў кастрычніку 2009 года, гэта значыць за два месяцы да адкрыцця турніру. Міліцыянтаў цікавіць, хто са спартовых службоўцаў дапамог фірме атрымаць такую важную спартовую замову і за які кошт.