Барыса Хамайду аштрафавалі за намер адзначыць 125-годдзе Янкі Купалы

З віцебскага апазіцыйнага дзеяча Барыса Хамайды спагналі штраф за тое, што ён гуляў па фестывальным горадзе з партрэтам Янкі Купалы і плакатам.  Пра тое, што на ім было напісана, распавядае нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“Спадар Хамайда стаяў у цэнтры Віцебска, сярод натоўпу, з плакатам, на якім быў надпіс: "Хай жа вам так не здаецца, што бяда ўжо не зацісне. Знайце, ліха ператрэцца, і маланкай доля блісне".

Гэта цытата з верша класіка беларускай літаратуры. Плакат быў аздоблены беларускім арнаментам, а ў руках Барыс Хамайда трымаў нумар газеты "Наша ніва" з партрэтам Купалы на першай старонцы.

Дарэчы, і напярэдадні фестываля, і падчас яго многія афіцыйныя асобы, ад Васіля Раінчыка да Аляксандра Лукашэнкі, неанаразова адзначалі, што асноўная тэма мерапрыемстваў Дня культуры Беларусі на фестывалі “Славянскі базар” — менавіта ўшанаванне Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Аднак Барыса Хамайду пакаралі штрафам на суму 310 тысяч рублёў. Яго прызналі вінаватым у “незаконным пікетаванні”.