“Байцоўскі клуб” — беларуская кніга
Ці выйдзе гэты раман у друк, пакуль яшчэ сказаць цяжка. Акрамя фінансавых момантаў таксама існуе праблема аўтарскіх правоў. Распавядае Сяржук Мядзведзеў:
“У такой галіне гэта першая мая праца. Дагэтуль я нічога сур’ёзнага не перакладаў. Так па драбязе. Сам працэс быў больш у асалоду, чым у нейкую цяжкасць такую. Па сутнасці, гэта папулярная літаратура. Таму я думаю, што менавіта такія кніжкі і трэба ў першую чаргу перакладаць.
З класікі, зрузумела, ужо шмат чаго перакладзена на беларускую мову. Па рэакцыі, напрыклад, у livejournal бачна, што такая літаратура будзе чытацца менавіта па-беларуску.
Я думаю, што нават вялікі наклад, калі кніжка выйдзе, разыдзецца вельмі добра. Але трэба вырашаць пытанні з аўтарскімі правамі. Калі б хто дапамог — я толькі за”.
ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:
Сяржук Мядзведзеў нарадзіўся ў 1985 годзе ў Віцебску. Сёння ён студэнт 4-га курса БДУІРа. Акрамя гэтага з’яўляецца навучэнцам Беларускага калегіюму і займаецца ў “Перакладной майстэрні” Хадановіча. Летась стаў пераможцам літаратурнага конкурсу, прысвечанага 100-годдзю газеты “Наша Ніва”.
Не абышлося і без містыкі. У дзень заканчэння працы над перакладам Сяржук атрымаў пасылку ад самога Чака Паланюка. Унутры яе ляжалі сімвалічныя рэчы раману “Байцоўскі клуб”: пластмасавы адрэзаны палец, калькулятар, мятныя ледзяшы, насенне незабудкі і іншае.
Але самым каштоўным падарункам стаў плюшавы мядзведзік. Па словах перакладчыка, гэты сувенір сімвалізуе моц творцы. Расказвае Сяржук:
“Тое, што я атрымаў гэтую пасылку ў той жа дзень, калі скончыў перакладаць “Байцоўскі клуб” — гэта чыстая выпадковасць. Паланюк увогуле з фанатамі не кантактуе так наўпрост. Але раз на 2–3 гады ладзіць такую акцыю, як “паштовае акно” для фанатаў.
Падчас гэтай акцыі цягам месяца можна дасылаць лісты. Паланюк абяцае адказаць на кожны ліст, калі ён напісаны адпаведна з загадзя зададзенымі правіламі.
Калі на яго афіцыйным сайце быў выкладзены ліст, што ў кастрычніку 2006 году ладзіцца гэтае “паштовае акно”, я яму напісаў, што перакладаю “Байцоўскі клуб”. На той час было перакладзена недзе адсоткаў 60-70. Адказам стала вось гэтая пасылка”.
Зараз кавалак раману на беларускай мове можна пабачыць
на старонцы Сяржука http://siarzh.livejournal.com/.
Пакуль гэта адзіная магчымасць азнаёміцца з беларускамоўнай версіяй. На
пытанне, ці ёсць далейшыя планы ў перакладніцкай дзейнасці, Сяржук Мядзведзеў
адказаў:
“Я не ведаю. Насамрэч, калі ў меня паўставала пытанне,
што перакладаць, быў варыянт Кена Кізі “Пралятаючы над гняздом зязюлі”. Але, у
выніку мы вырашылі спыніцца на сучаснай прозе. Таму, калі атрымаецца з “Байцоўскім
клубам”, я збіраюся працягнуць перакладчыцкую дзейнасць.
Зараз у мяне ўжо нават
ёсць друкаваная кніжка “Удушша”, таксама Паланюка. Але, калі раптам хто-небудзь
параіць што-небудзь больш знакамітае, больш значнае, то, можа быць, вазьмуся за
іншае. Насамрэч, яшчэ пакуль рана думаць, трэба з гэтым разабрацца. Але планы
працягваць пераклады ёсць”.
Спадзяемся, што раман усё ж такі пабачыць свет. А
малады перакладчык на гэтым не спыніцца, і мы зможам атрымліваць асалоду,
чытаючы сусветныя блокбастэры на беларускай мове.
На фота — Чак Паланюк (www.topcnews.net)