БАЖ распрацаваў праграму дапамогі пацярпелым журналістам

Экстранае паседжанне Рады "Беларускай асацыяцыі журналістаў" адбылося 14 студзеня. Яно прысвячалася сітуацыі, якая склалася ў краіне пасля 19 снежня. Нагадаем, што зараз у СІЗА КДБ знаходзяцца 6 сябраў журналісцкай арганізацыі — Ірына Халіп, Наталля Радзіна, Павел Севярынец, Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута, Зміцер Бандарэнка.

Як паведаміла ў жывым эфіры старшыня БАЖ Жанна Літвіна, было вырашана патрабаваць вызвалення журналістаў альбо замены ім меры стрыманны на хатні арышт. Акрамя таго, абмяркоўвалася пытанне дапамогі  сем'ям арыштаваных журналістаў.

Па словах Літвіной, абмеркаваннне канкрэтных мераў заняло амаль дзве гадзіны і было зроблена шмат добрых прапановаў. Сярод іншага яна назвала кансультацыі пацярпелым калегам, праявы салідарнасці, акцыі ў падтрымку журналістаў.

Акрамя таго БАЖ абвясціў кампанію па зборы сродкаў. Гэтыя грошы пойдуць на дапамогу палітвязням і іх сем'ям, а таксама на набыццё тэхнікі рэдакцыям, якія пацярпелі ад ператрусаў за апошні месяц. На думку Літвіной, ператрусы і канфіскацыі тэхнікі, якія правялі сілавікі ў шэрагу рэдакцый, зробленыя для таго, каб не даць чытачма і слухачам праўдзівую інфармацыю пра падзеі ў Беларусі. "Калі выносяць тэхніку — гэта абраза аўдыторыі, якая хоча атрымліваць інфармацыю", — заявіла старшыня БАЖ.