Беларус 16 дзён ішоў пешшу ў Гомель з Маскоўскай вобласці

Большасць жыхароў Гомельскай вобласці, аб'яўленых у вышук, выехалі ў Расію. Паводле інфармацыі гомельскай міліцыі, у вышуку цяпер знаходзяцца 475 чалавек, з якіх 240 - расшукваюцца ў сувязі з выездам за мяжу, пераважна ў Расію.  Значная частка гэтых людзей вяртаецца на радзіму самастойна. Паводле праваахоўнікаў, нярэдка высвятляецца, што беларусы выязджалі на заробкі ў Расію, жылі там без рэгістрацыі і не мелі магчымасці звязацца з сваякамі, бо атрымлівалі грошы ад працадаўцаў толькі на пражыванне і вяртанне дахаты.

БелаПАН паведамляе, што 26-гадовы жыхар Гомелю ішоў пешшу з-пад Масквы дахаты на працягу 16 дзён. Ён збіраўся працаваць на будоўлі ў Расіі, але яго не задаволілі ўмовы працадаўцы. Грошай на квіток на чыгунку ў хлопца не было, таму ён і прыняў рашэнне ісці ў бок Беларусі пешшу.