Беларусь абмяжоўвае ўвоз свініны з Кіеўскай вобласці Украіны

З 16 студзеня Беларусь часова абмяжоўвае ўвоз свініны з Кіеўскай вобласці Украіны. Прычынай стала зафіксаваная там успышка класічнай чумы свіней, перадае interfax.by.

У дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Беларусі кажуць, што пад часовую забарону на ўвоз трапілі жывыя свінні, свініна, у тым ліку ад дзікоў, і прадукты яе перапрацоўкі.

Таксама абмяжоўваецца ўвоз з гэтага рэгіёну Украіны сыравінных тавараў свінагадоўчай галіны, кармоў і кармавых дабавак для жывёл расліннага і жывёльнага паходжання, у тым ліку з птушкі і рыбы, кармавых дабавак для катоў і сабак, а таксама гатовых кармоў для котак і сабак, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку, калі яны выраблены з сыравіны, што адбываецца з названага ўкраінскага рэгіёну.

Акрамя таго, ўводзяцца абмежаванні на ўвоз ужыванага абсталявання для ўтрымання, забою і раздзелкі свіней.

Фота — 3rm.info