Беларусь часова прыхавала свой антынацызм, каб памірыцца з Захадам

18 снежня генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая асуджае гераізацыю нацызму. Гэта актуальна і для нашай краіны.
Вялікіх палітычных наступстваў гэты акт мець не будзе, кажа ў інтэрв’ю Еўрарадыё палітолаг Юрый Шаўцоў. Тым не менш, паводле слоў эксперта, прыняцце такой рэзалюцыі сёння – вельмі важна:

“Менавіта гэты акт надта вялікіх палітычных наступстваў мець не будзе, бо значэнне ААН у свеце ўпала. Але як дэкларацыя, як тая рэч, якая стварае ідэалагічны фон, – гэта вельмі важна”

За расійскі праект рэзалюцыі прагаласавалі 129 дэлегацый, устрымаліся 54, а вось супраць выступілі толькі ЗША і Маршалавы выспы. Вось як гэта пракаментаваў Юрый Шаўцоў:

“Таму што сёння ЗША з’яўляюцца так бы мовіць абаронцамі ўсходнееўрапейскіх нацыяналізмаў”.

Гераізацыя нацызму – сапраўды вялікая праблема сёння, лічыць палітолаг. І пазіцыя ААН у дадзеным выпадку вельмі своечасовая:

“Гэта, відавочна, такі акт, які сёння вельмі патрэбны і Расіі, і Беларусі, і ўсім тым сілам перш за ўсё ў Еўропе, якія сутыкнуліся з нечаканасцю, з хваляй гераізацыі нацыстаў, якая пайшла з Усходняй Еўропы. Гэта насамрэч вялікая праблема, бо сама па сабе гэтая хваля гераізацыі калабарантаў і нацыстаў стварае непрымальна высокую напружанасць паміж Расіяй і Ўсходняй Еўропай. Гэта напружанасць ствараецца штучна ва Ўсходняй Еўропе тымі, хто гераізуе ўсе гэтыя, у прынцыпе даўно забытыя, рэчы”.

Праблема, узнятая ААН, вельмі актуальная і для Беларусі, хаця ідэалагічна мы і не выступаем рэзка па гэтым пытанні, кажа спадар Шаўцоў:

“Вельмі актуальна, бо ў нашай дзяржаўнай ідэалогіі, дзяржаўнай сімволіцы менавіта антынацызм падкрэслены, як не ў адной іншай краіне свету, акрамя Ізраіля. Таму для нас гэта вельмі прынцыповая рэч. Нам, канечне, цяпер складана, бо ідзе такое прымірэнне з Захадам, таму мы зараз надта рэзка не выступаем ідэалагічна, але ў прынцыпе гэта вельмі важна”.