Беларусь не спяшаецца дзяліцца з Расіяй прыбыткамі ад будучай АЭС

Беларусь пакуль не плануе ствараць з Расіяй сумеснае прадпрыемства па збыце электраэнергіі будучай АЭС. Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. На мінулым тыдні, нагадвае БелаПАН, шэраг СМІ паведамілі, што Расія адмаўляецца падпісваць міжурадавую дамову пра будаўніцтва АЭС. Умовай падпісання называецца сумеснае прадпрыемства, якое зоймецца продажам электраэнергіі будучай станцыі. Расійскі бок нібы настойвае на сваёй долі ў СП у памеры не меней за 50%. Такім чынам Масква разлічвала атрымліваць як мінімум палову прыбыткаў ад збыту электраэнергіі, якую будзе выпрацоўваць беларуская АЭС.

Сямашка пацвердзіў, што расійскі бок паставіў умову стварыць такое сумеснае прадпрыемства. Разам з тым ён падкрэсліў, што Беларусь не плануе ствараць СП.

Па словах чыноўніка, Беларусь разлічвае падпісаць з Расіяй дакументы пра будаўніцтва АЭС не пазней за канец верасня.