Беларус прызнаў сябе вінаватым у ашуканстве падаткаплатнікаў ЗША

Грамадзянін Беларусі Мікалай Мардахаеў, які жыве ў ЗША ў штаце Масачусэц, прызнаў сябе вінаватым ва ўдзеле ў міжнароднай махлярскай інтэрнэт-схеме. Гэтая схема дазваляла красці ў амерыканскіх падаткаплатнікаў падатковыя звароты, якія ім належалі. Судовыя дакументы паказваюць, што 31-гадовы беларускі грамадзянін і яго саўдзельнікі ў 2006-2007 годзе кіравалі вэб-сайтамі, якія нібыта былі ўпаўнаважаныя падатковым ведамствам ЗША як сэрвісы для бясплатнай падачы падатковай дэкларацыі і заяўкі на вяртанне падатковых пераплатаў для малазабяспечаных падаткаплатнікаў.

Аднак грашовыя сродкі, якія павінны былі атрымаць кліенты падатковага ведамства, ішлі на банкаўскія рахункі, кантраляваныя Мардахаевым. Агульная сума скрадзеных грошай склала болей за 200 тысяч долараў.

Вынясенне выраку прызначана на 26 красавіка. Мікалаю Мардахаеву пагражае турэмнае зняволенне тэрмінам да 20 год, штраф у 250 тысяч долараў і кампенсацыя стратаў па кожным з дзевяці эпізодаў махлярства. Яму таксама пагражаюць пяць год турмы за злачынную змову, паведамляюць internovosti.ru