Беларусь сёння абярэ ўдзельніка “Еўрабачання-2008”

Фінал Нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекту “Еўрафэст” пройдзе сёння ў мінскім Палацы спорту. За пуцёўку ў Белград на Міжнародны конкурс песні “Еўрабачанне-2008” будуць змагацца чацвёра: Gunesh, гурт “Litesound”, Руслан Аляхно і гурт “По глазам”.

Пераможцу абярэ журы ў складзе міністра культуры Уладзіміра Рылаткі, кампазітара Васіля Раінчыка, мастацкага кіраўніка ансамбля “Сябры” Анатоля Ярмоленкі, кампазітара Ядвігі Паплаўскай, спявачкі Ірыны Дарафеевай, кіраўнікоў Белтэлерадыёкампаніі. Старшынствуе ў журы народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг.

На фінальны канцэрт прыедуць украінская спявачка Руслана, фінскі гурт “Lordi”, нашая зямлячка “з маскоўскай прапіскай” Наталля Падольская ды іншыя. На “Еўрафэст” завітае і мінскі школьнік Аляксей Жыгалковіч, які выйграў дзіцячае “Еўрабачанне-2007”. Прамая трансляцыя канцэрта пачнецца ў 21.40 на Першым нацыянальным тэлеканале.