Беларусь вылучыць у войскі АДКБ 5 тысяч вайскоўцаў

У Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання АДКБ Беларусь вылучыць каля 5 тысяч чалавек. Пра гэта паведамляе газета "Коммерсантъ" са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве абароны Расіі. Афіцыйны Мінск дэлегуе ў склад калектыўных сіл адну брыгаду спецназу сваіх Узброеных сіл, антытэрарыстычнае падрадзяленне КДБ, спецпадраздзяленне МУС і падрадзяленне МНС. Тым самым Беларусь стане адной з ключавых краінаў—удзельніцаў КСАР нароўні з Расіяй і Казахстанам.

Як вядома, Масква вылучыла ў склад групоўкі паветрана-дэсантную дывізію і дэсантна-штурмавую брыгаду (каля 8 тыс. вайскоўцаў). Астана прадстаўленая ў КСАР дэсантна-штурмавой брыгадай (да 4 тыс. чалавек) і трыма атрадамі, сфармаванымі з ліку супрацоўнікаў МУС, МНС і органаў дзяржбяспекі. Арменія, Кіргізія і Таджыкістан абмежаваліся батальёнамі, а Ўзбекістан удзельнічаць у стварэнні КСАР адмовіўся.

Пра далучэнне Беларусі да вайсковай групоўкі АДКБ стала вядома толькі 20 кастрычніка. Аднак выявілася, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведную дамову яшчэ 15 кастрычніка — гэта значыць за дзень да правядзення ў Казахстане актыўнай фазы першых вучэнняў КСАР.