Беларусь знайшла парушэнні правоў чалавека ў "краінах развітай дэмакратыі"

Пра гэта заявіла прадстаўніца ўпраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Таццяна Ляшкова падчас дыскусіі Генасамблеі ААН па пытанні заахвочвання і абароны праў чалавека. Выступ адбыўся 31 кастрычніка ў Нью-Ёрку, перадае БелаПАН.



Ляшкова заявіла, што сёння заходнія краіны ўсё больш асацыююцца з "расавай дыскрымінацыяй і парушэннем правоў мігрантаў і ўцекачоў, антысемітызмам, шавінізмам, неафашызмам, сілавымі, нават жорсткімі разгонамі дэманстрацый, катаваннямі, пераследам журналістаў, рэлігійнай няцерпімасцю, зневажаннем маральных і духоўных каштоўнасцяў".



Як прыклад яна згадала актывізацыя ў Нямеччыне неанацысцкіх Нацыянал-дэмакратычнай партыі і партыі "За Нямеччыну". Парушэнні правоў на свабоду і асабістую недатыкальнасць Ляшкова выявіла ў Вялікабрытаніі. Расавай дыскрымінацыяй яна назвала апраўдальны прысуд у Польшчы ў ліпені 2013 года асобам, абвінавачаным у апаганьванні помнікаў савецкім ваярам у Варшаве. У Чэхіі ахвярамі нацыяналістычных настрояў яна назвала цыганоў (прадстаўнікі народнасці рома"). Праблема расавай дыскрымінацыі таксама актуальная для Швейцарыі, адзначыла чыноўніца.



Па словах Ляшковай, у канцы 2013 год МЗС рыхтуецца выдаць другі "даклад пра парушэнне правоў чалавека ў краінах "прасунутай дэмакратыі", якія хібна пазіцыянуюць сябе ў якасці "настаўнікаў" у галіне правоў чалавека".



Фота — informator.dp.ua