Беларуса будуць судзіць у Латвіі за крадзеж посуду
Грамадзянін Беларусі быў затрыманы ў Рызе за крадзеж трох сувенірных талерак у адной з крамаў.
Турыст прыехаў у латвійскую сталіцу адпачыць разам з жонкай. Аднак вечарам вырашыў пайсці прагуляцца ў адзіночку, піша nra.lv. У адной з сувенірных крамаў беларусу спадабаліся талеркі з характэрнымі рыжскімі краявідамі. Зрэшты, посуд мужчыну спадабаўся не настолькі, каб за яго заплаціць. Схаваўшы талеркі пад майку, турыст спешна пакінуў краму.
Вярнуўшыся да жонкі, сваю здабычу беларус схаваў, баючыся гневу каханай. Пакінуўшы талеркі ў зацішным месцы, мужчына па незразумелым прычынах зноў накіраваўся у тую ж самую краму. Аднак там яго ўжо чакалі ахоўнікі.
На месца здарэння была выкліканая паліцыя. Затрыманы грамадзянін Беларусі 1967 года нараджэння заявіў, што "вельмі раскайваецца" ў зробленым.
У дачыненні да беларуса распачата крымінальная справа за крадзеж у малых памерах. Зараз турыст знаходзіцца ў следчым ізалятары.