Беларуса і расіяніна падазраюць у падробцы дакументаў у Індыі

Беларуса і расіяніна арыштавала індыйская паліцыя па падазрэнні ў падробцы дакумента. Калі іх віна будзе даказаная, піша "Газета.Ru", ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Затрыманне адбылося ў панядзелак. Пры затрыманні ў мужчын канфіскавалі пячаткі кіраўніка акруговай паліцыі штата Андхра-Прадэш і камісара паліцыі Бангалора. Таксама ў іх канфіскавалі друкарку, сканэр, лічбавую фотакамеру і ноўтбук. Акрамя таго, паліцыянты кажуць, што знайшлі перапіску затрыманых, якая выкрывае іх дзеянні.

Па звестках паліцыі, зламыснікі займаліся вырабам падробных дазволаў на знаходжанне ў Індыі тэрмінам на адзін год. Іх асноўнымі кліентамі былі грамадзяне Італіі, Францыі і Расіі.