Беларусам абяцаюць зніжкі за разгрузку венесуэльскай нафты ў Адэсе

Украіна будзе разгружаць венесуэльскую нафту для Беларусі ў Адэскім гандлёвым марскім порце па зніжаных партовых зборах. Але па чыгунцы нафта будзе транспартавацца па ранейшых тарыфах. Па словах міністра транспарту і сувязі Ўкраіны Канстанціна Яфіменкі, узровень зніжак будзе залежаць ад аб'ёмаў пастаўкі нафты. "Ільготы будуць 20-40% на партовы збор, які цяпер складае 2,1 долара. Зніжка будзе ў залежнасці ад аб'ёму", — сказаў журналістам Канстанцін Яфіменка.

Пры гэтым украінскі міністр падкрэсліў, што тарыф на чыгуначную перавозку нафты застанецца нязменным — 0,27 долара за 10 т/км. "Па чыгунцы мы прымяняем аднолькавую з Беларуссю стаўку — 27 цэнтаў за 10 тона-кіламетраў", — удакладніў ён.

Як паведамляла Еўрарадыё, першы віцэ-прэм'ер-міністр Украіны Андрэй Клюеў заявіў, што з чэрвеня праз тэрыторыю Ўкраіны ў Беларусь транспартавана каля 1 мільёна тон нафты з Венесуэлы. "Для таго, каб зацікавіць нашых беларускіх калег, мы зрабілі дастаткова сур'ёзную зніжку на партовыя зборы і чыгуначныя перавозкі, бо, павялічваючы аб'ёмы транзіту, чыгунка ўсё адно будзе атрымліваць прыбытак", — адзначыў ён.