Беларускае МНС накіравала ў Непал гуманітарную дапамогу

Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі накіравала сёння ў Федэратыўную Дэмакратычную Рэспубліку Непал гуманітарную дапамогу, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу МНС.

Агульны кошт гуманітарнай дапамогі складае болей за 3,3 мільярда рублёў. Гэта, у прыватнасці, хусткі, ваўняныя коўдры, цукар, крупы, дзіцячыя курткі, жаночыя плашчы і іншыя рэчы.

Сёлета Непал моцна пацярпеў ад двух магутных землятрусаў, якія здарыліся ў краіне ў красавіку і траўні. У выніку стыхійнага бедства болей за 8 тысяч чалавек загінулі, 14 тысяч атрымалі раненні. Разбурана некалькі дзясяткаў дамоў і пашкоджана каля паўмільёна збудаванняў.

Фота: ВВС