Беларуская апазіцыя стварае ў Вільні "нефармальнае пасольства"

Беларуская апазіцыя мае намер стварыць у Літве палітычную структуру ў выгнанні, так званае "нефармальнае пасольства" Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Як паведаміў Алег Мяцеліца, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Уладзіміра Някляева, ідуць адпаведныя перамовы з літоўскім Міністэрствам замежных спраў і прадстаўнікамі сейма.

"Калі Еўропа не прызнае выбары, важна таксама мець палітычнае прадстаўніцтва, каб Еўропа мела з кім размаўляць як з голасам палітыкаў з Беларусі", — сказаў Мяцеліца.

Паводле яго слоў, важна, каб новая структура прадстаўляла інтарэсы ўсёй апазіцыі, аказваючы дапамогу ўсім сілам і рухам, "якія рэальна штосьці робяць у Беларусі, не дзелячы на штабы".
 
Калі дзейнасць нефармальнага пасольства ўдасца наладзіць, яе асноўнай мэтай будзе інфармаванне еўрапейскай грамадскасці аб сітуацыі ў Беларусі, арганізацыя дапамогі структурам, што засталіся ў краіне, аказанне рэсурснай і юрыдычнай падтрымкі тым, хто вымушаны пакідаць радзіму.