Беларуская чыгунка хоча канкураваць з асабістымі аўтамабілямі беларусаў

У бліжэйшыя 5 гадоў у Беларусі будзе створаны новы фармат пасажырскіх перавозак. Беларускія цягнікі стануць больш камфортнымі і хуткімі. Як паведаміў начальнік Беларускай чыгункі Анатоль Сівак, хуткасць перавозу павялічыцца да 160 кіламетраў у гадзіну. Сівак: "Мы перад сабой ставім задачу канкураваць не толькі з аўтатранспартам, але і з асабістым аўтамабілем, які ёсць у грамадзяніна. Хочам у новым фармаце забяспечыць тыя ўмовы, якія перасадзяць чалавека з уласнага аўтамабіля на чыгунку, для таго каб з аднаго горада ці населенага пункта перамясціцца ў іншы у межах Беларусі".

Акрамя таго ў бліжэйшыя пяць гадоў будуць запушчаныя сем ліній рознага прызначэння. Цягнікі на кожнай з іх пазначаць асобным колерам і лагатыпам.