Беларускі абрад "Цары" можа трапіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА

Беларусь адправіла ў Парыж запыт пра ўключэнне ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны народнага абраду "Цары", які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Пра гэта паведамляе "Беларускі партызан" са спасылкай на тэлерадыёкампанію "Мір". Дарэчы, у Беларусі абрад "Цары" вёскі Семежава на Случчыне быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю толькі некалькі гадоў таму.

Калядны абрад "Цары" зарадзіўся яшчэ ў XVIII стагоддзі. У ім удзельнічаюць пераважна мужчыны. У гэты час салдаты і афіцэры хадзілі па вясковых хатах і віншавалі гаспадароў з святам, паказвалі прадстаўленні і прасілі падарункі. Традыцыю перанялі вясковыя хлопцы: яны сталі апранацца ў карнавальныя касцюмы, якія нагадваюць ваенную форму.