Беларускі амбасадар абвінаваціў Еўрасаюз у палітычным экстрэмізме

Амбасадар Беларусі ў Еўрасаюзе Ўладзімір Сянько напісаў ліст кіраўніцтву ЕС. У ім ён вінаваціць Еўрасаюз у "палітыцы двайных стандартаў і экстрэмізме". Як паведамляе "Хартыя'97" са спасылкай на выданне "European Voice", Сянько згадвае рашэнне Савета Еўрасаюза, прынятае ў кастрычніку 2008 года. Тады Еўрасавет заявіў, што неабходна адысці ад палітыкі ізаляцыі Беларусі. Пры гэтым Сянько "забыў" згадаць пра 12 умоваў Еўрасаюза па дэмакратызацыі. Яны былі сфармуляваныя яшчэ ў 2007 годзе, і дагэтуль ні адна з іх не была выкананая нават часткова.

Дыпламат сцвярджае, што паміж ЕС і Беларуссю ідзе паспяховае супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі, транспарту, стандартызацыі, сельскай гаспадаркі і экалогіі. Сянько патрабуе роўнага дыялогу, а сістэматычнае татальны ўціск дэмакратычных свабодаў адносіць да "нацыянальных рысаў і асаблівасцяў Беларусі".

Ініцыятараў праграмы Еўранэст – Парламенцкай асамблеі Ўсходняга Партнёрства амбасадар звінаваціў у правакацыі і дзеяннях з пазіцый палітычнага экстрэмізму. Мелася на ўвазе прапанова, каб у Еўранэст уваходзілі 5 прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў і 5 прадстаўнікоў апазіцыі.