Беларускі баец Арлоўскі зарабіў у пяць разоў болей за свайго крыўдзіцеля

Беларускі баец Андрэй Арлоўскі зарабіў больш за іншых на шоў Day of Reckoning, якое днямі прайшло ў Каліфорніі.  Нагадаем, расіянін Фёдар Емельяненка абараніў свой тытул чэмпіёна свету па баях без правілаў (баях змешанага тыпу) сярод цяжкавагавікоў (змешаныя адзінаборствы аб'ядноўваюць тэхніку боксу, кікбоксінгу, каратэ, тхэквандо, грэка-рымскай барацьбы, самба і дзюдо). Ён перамог свайго галоўнага суперніка Андрэя Арлоўскага.

Паядынак прайшоў у каліфарнійскім Анахайме на арэне "Хонда-сентэр". На 2-й хвіліне першага раўнда беларускі спартсмен спрабаваў правесці свой любімы прыём - удар каленам у скачку, аднак Емельяненка сустрэў яго нечаканым бакавым ударам у сківіцу. Пасля яго Арлоўскі ўпаў на рынг і суддзя зафіксаваў накаўт.

Як паведамляе сайт championat.ru, прайграўшы паядынак, беларус можа не сумаваць - ён зарабіў 1,5 мільёна долараў, у пяць разоў болей за Емельяненку. Рэальны прыбытак Арлоўскага можа быць і большы, бо не ўсе грашовыя паступленні рэгіструюцца адпаведнай камісіяй.