Беларускі баксёр Віктар Зуеў атрымаў “бронзу” чэмпіяната свету

Беларускі баксёр Віктар Зуеў, які выступае ў вагавай катэгорыі звыш за 91 кілаграм, стаў бронзавым прызёрам чэмпіяната свету, які праходзіць у Мілане. У 1/2 фінала ён саступіў чэмпіёну свету-2007 і пераможцу Алімпіяды-2008 італьянцу Раберта Камарэле. На першых секундах бою наш баксёр прапусціў моцны ўдар і апынуўся на падлозе. Рэферы яшчэ не далічыў да 10, але секунданты Зуева адмовіліся ад працягу паядынка. Перамога з фармулёўкай "з прычыны траўмы суперніка" была прысуджаная італьянцу.

У іншым паўфінале ўкраінец Раман Капітоненка перамог кітайскага баксёра Чылей Чана — 5:2. Такім чынам, Віктар Зуеў і Чылей Чан сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіяната свету. Для віцэ-чэмпіёна афінскай Алімпіяды-2004 Віктара Зуева, які толькі сёлета стаў “суперцяжам”, гэтая “бронза” стала другой на чэмпіянатах свету, паведамляе БЕЛТА.