Беларускі Чырвоны Крыж сабраў 2,5 мільёны для Японіі
Беларусы традыцыйна актыўна адклікаюцца на акцыі дапамогі пацярпелым ад прыродных катаклізмаў у розных краінах свету, кажуць у таварыстве.
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа ўжо некалькі дзён збірае грашовыя ахвяраванні для пацярпелых жыхароў Японіі. Вось што распавялі Еўрарадыё пра гэтую акцыю ў таварыстве Чырвонага Крыжа:
"Ідзе збор сродкаў. Пакуль сабрана невялікая сума — 2,5 мільёны [рублёў]. Але мы толькі-толькі пачалі актывізаваць сваіх валанцёраў".
Сабраныя грошы пойдуць на ўсё самае неабходнае — на вопратку, на харчаванне, на ваду. Акрамя грошай, якія збярэ насельніцтва, Чырвоны Крыж вылучыць каля 3-5 тысяч долараў з свайго рэзервовага фонда.
У таварыстве таксама адзначылі, што раней беларусы вельмі актыўна адклікаліся на акцыі збору сродкаў на дапамогу насельніцтву Гаіці, Паўночнай Асеціі, цэнтральнай Расіі, якое пацярпела ад прыродных катаклізмаў.