"Беларускі Незалежніцкі Блок" заклікае падтрымаць Алега Сургана

Зварот да грамадзянскай супольнасці і народу Беларусі з заклікам падтрымаць актывіста руху "Маладая Беларусь" і аргкамітэта партыі БХД Алега Сургана прыняты на чарговым паседжанні Рады "Беларускага Незалежніцкага Блоку". БНБ заклікае прыйсці 15 лютага ў 14.30 у суд Кастрычніцкага раёна Віцебску. Нагадаем, Сургана вінавацяць у супраціве міліцыянтам 3 верасня мінулага года падчас арышту за вывешванне бел-чырвона-белага сцягу на будынку Віцебскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта.

Па словах Алега Сургана, праваахоўнікі збівалі яго ў часе затрымання і ў РАУСе. Таксама па яго словах, складзены пратакол аб вывешванні бел-чырвона-белага сцягу некуды знік, а ў другім было запісана, што ён знаходзіўся ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане і нецэнзурна лаяўся, а таксама абражаў супрацоўнікаў міліцыі. Актывісту пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.