Беларускі ўрад даслаў у ААН дакументы ў справе Аляксандра Казуліна

Беларускія ўлады аспрэчваюць у Камітэце па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый скаргу аб парушэнні правоў палітвязня Аляксандра Казуліна. Як паведамляе прэс-служба палітыка, скарга была накіравана ў гэты камітэт ААН Вольгай Казулінай і Ігарам Рынкевічам ў кастрычніку 2007-га. Яны прапаноўвалі выправіць парушэнні пяці артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, зробленых уладамі Беларусі, і тэрмінова вызваліць Казуліна.

Таксама аўтары ліста прапаноўвалі выплаціць палітвязню 2 мільёна еўра за маральную шкоду, нанесеную арыштам і зняволеннем. 28 красавіка сёлета гэтая скарга была зарэгістраваная ў Камітэце па правах чалавека.

Цяпер высветлілася, што беларускі ўрад даў адказ у Камітэт ААН, у якім аспрэчвае паўнамоцтвы Вольгі Казулінай і Ігара Рынкевіча, а таксама бярэ пад сумненне правамоцнасць разгляду іх скаргі.

Ігар Рынкевіч кажа, што ў адказ на ліст беларускіх ўладах, разам з Вольгай Казулінай рыхтуе новы дакумент, у якім будуць змешчаныя чарговыя доказы таго, што Казулін стаў ахвярай парушэнняў уладамі яго грамадзянскіх правоў і незаконна пазбаўлены волі.

Магчыма, справа Аляксандра Казуліна будзе ўзнятая ў Камітэце па правах чалавека ААН яшчэ сёлета.