Беларускія гімнасткі заваявалі восем медалёў на чэмпіянаце Еўропы

Пяць срэбраных і тры бронзавыя медалі заваявалі беларускія спартоўкі на чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы. Спаборніцтвы прайшлі ў Брэмене (Нямеччына) 16—18 красавіка. У дарослых спаборніцтвах на іх рахунку срэбраная і дзве бронзавыя ўзнагароды. Зборная Беларусі ў складзе Аляксандры Восіпавай, Ксеніі Санковіч, Аліны Туміловіч, Марыны Ганчаровай і Настассі Іваньковай была другой у шматбор'і і трэцяй у асобных відах (пяць абручоў; тры стужкі і дзве скакалкі).

У медальным заліку дарослых спаборніцтваў перамагла Расія (4 залатыя і 1 срэбраная ўзнагароды). За ёй размясціліся Італія (0, 2, 1), Беларусь (0, 1, 2) і Азербайджан (0, 0, 1).

Каманда беларускіх юніёрак у групавым практыкаванні заняла другое месца і не кваліфікавалася на I юнацкія Алімпійскія гульні-2010, якія пройдуць у Сінгапуры. Як адзначае БелаПАН, ад Еўропы там выступіць Расія.

Юніёркі Наталля Лешчык і Арына Шарапа занялі трэцяе і чацвёртае месцы ў індывідуальных спаборніцтвах і трапілі ў шасцёрку найлепшых гімнастак Еўропы, якія адправяцца на юнацкую Алімпіяду.