Беларускія хакеісты не адзначаць 100-годдзе ІІХФ: у іх няма рэтраформы

Беларуская хакейная зборная не зможа ўдзельнічаць у акцыі з нагоды 100-годдзя Міжнароднай федэрацыі хакею (ІІХФ). Прычына — адсутнасць рэтраформы.
Акцыя адбузецца на чэмпіянаце свету ў Канадзе. У гонар юбілею арганізацыі адзін з матчаў першага этапу сусветнага першынства кожная зборная-ўдзельніца правядзе адзін матч у старой форме.

Беларуская зборная — адзіная каманда, якая не прыме ўдзелу ў акцыі, "бо не мела нацыянальнай каманды да атрымання незалежнасці ў 1991 годзе", паведамляе БелаПАН са спасылкай на афіцыйны сайт ІІХФ. Аднак адзін з трох матчаў папярэдняга этапу (7 траўня) беларуская зборная згуляе са зборнай Францыі, які выйдзе на лёд у рэтраформе.

Дарэчы, зборныя абіралі форму тых гадоў, з якімі звязаныя тыя або іншыя памятныя для іх падзеі. Да прыкладу, 4 траўня Латвія згуляе з канадцамі ў форме, у якой гуляла на чэмпіянатах свету ў часы незалежнасці (у 1933—1939 гадах). Зборная Расіі 2 траўня ў матчы з італьянцамі будзе гуляць у форме зборнай СССР узору 1956 года: тады савецкія хакеісты заваявалі першае алімпійскае "золата".