Беларускія камуністы збіраюць мільярд на помнік Сталіну

У Свіслачы Сталін стаіць побач з Кастусём Каліноўскім, а ў Слуцку — побач з Леніным і аўтамабілем "Волга" Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “За Саюз і камуністычную партыю Саюза” распачало збор сродкаў на ўзнаўленне помніка Сталіну ў Мінску. Акцыя прымеркаваная да 130-годдзя “бацькі народаў” і расцягнецца як мінімум на год, мяркуе сакратар-каардынатар аб’яднання Леанід Школьнікаў:

Леанід Школьнікаў: “Па нашай просьбе адна з мінскіх архітэктурных лабараторыяў зараз ажыццяўляе падлік. Дакладна, нам спатрэбяцца сотні мільёнаў, а можа нават і мільярд, і больш. Мы прыкідваем, што доўга будзем збіраць гэтыя грошы”.

Грошы патрэбныя не толькі на стварэнне і ўсталёўку самога помніка, але і на добраўпарадкаванне плошчы вакол яго. Дарэчы, мінскія “левыя” вядуць гаворку пра тое, каб плошча ці вуліца, на якой будзе стаяць помнік, атрымала імя Сталіна.

Леанід Школьнікаў: “Кастрычніцкай плошчы мы не дамагаемся, бо там зараз ужо ёсць Палац Рэспублікі, і патрэбнае зусім іншае архітэктурнае рашэнне. Мы лічым, што гэтае пытанне павінен рашыць Мінгарвыканкам. Але гэта павінна быць плошча, годная, і яна павінна насіць імя Сталіна. Канкрэтных прапаноў мы не маем, але будзем прасіць грамадскасць, каб яна выказала свае пажаданні”.

Помнікаў Сталіну ў Беларусі засталося толькі тры. Адзін з іх — на “Лініі Сталіна”, і ўсталяваны ён таксама пры ўдзеле аб’яднання “За Саюз і камуністычную партыю Саюза”. Іншы ўсталяваны ў 2005 годзе на тэрыторыі слуцкага СМПК-97. Ініцыятыўныя работнікі СМПК побач са Сталіным паставілі Леніна, а паміж імі — аўтамабіль ГАЗ-21, славутую “Волгу”.



Трэці помнік стаіць на “Алеі Герояў” у горадзе Свіслач Гродзенскай вобласці. Раней ён рэгулярна пакутаваў ад невядомых, якія аблівалі яго фарбай. Але ў гісторыка-краязнаўчым музеі горада Свіслач Еўрарадыё распавялі, што грамадскасць даўным-даўно супакоілася.

Супрацоўніца музея: “У нас ніякіх актаў вандалізма ў дачыненні помніка Сталіну няма, усе ставяцца да яго з павагай. Бо ў нас на гэтай алеі шмат помнікаў, якія датычацца розных гістарычных падзеяў. Ёсць тут Рамуальд Траўгут, ёсць помнік славутым землякам, нядаўна адкрылі помнік воінам-афганцам... Карацей, розныя эпохі — розныя падзеі”.



Ці падтрымліваюць збор сродкаў на помнік Сталіну іншыя беларускія камуністы? Леанід Школьнікаў кажа, што аб’яднанне ўжо накіравала некалькі лістоў з просьбай аб падтрымцы. Але, напрыклад, у Камуністычнай партыі Беларусі ініцыятыва аб’яднання “За Саюз і камуністычную партыю Саюза” наўрад ці знойдзе разуменне. Распавядае сакратарка ЦК КПБ Ніна Пракошына:

Ніна Пракошына:
“Вядома, мы вельмі хацелі б, каб помнік Сталіну быў. І мы працуем на гэта. Прыйдзе час — і гэты помнік будзе ўзноўлены. Але, як нам падаецца, грамадская свядомасць яшчэ не гатовая да таго, каб гэты помнік ставіць. Прынамсі, у гэтым годзе”.

На думку партыйцаў, грашыма грамадскую думку не купіш:

Ніна Пракошына: “Калі грамадскасць падтрымае нас у тым, каб ставіць гэты помнік, тады мы ўзнімем яе на збор сродкаў. А не наадварот”.

Не знаходзіць ідэя ўзнаўлення помніка Сталіну ў Мінску падтрымкі і ў гарадскіх уладаў. Толькі Леаніду Школьнікаву ў гэтым адмаўлялі ўжо тройчы. Ці пашанцуе тады, калі да аргументаў, акрамя “гістарычнай справядлівасці”, дададуцца грошы? Пабачым праз год.

Фота: газета "Кур'ер-Інфа", "Вікіпедыя".