Беларускія навукоўцы выступаюць супраць зносу "хрушчовак"

Знос дамоў масавай забудовы 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі з'яўляецца неэфектыўным і патрабуе вялікіх фінансавых затратаў. Такую заяву зрабіў беларускі навуковец Аляксандр Пашкоў. Поўнае разбурэнне старых дамоў запатрабуе найперш вырашэння пытання з вывазам адкідаў. Пашкоў мяркуе, што знос "хрушчовак" і вываз адкідаў могуць скласці да 80% у першапачатковым кошце жылля, якое плануецца будаваць на іх месцы.

Паводле словаў беларускага навукоўца, у нашай краіне налічваецца каля 25 мільёнаў квадратных метраў такога жылля і для зносу гэтых дамоў патрэбныя вялізныя гошы - 6-8 мільярдаў долараў. А на пабудову новых будынкаў спатрэбіцца дадаткова яшчэ 12-14 мільярдаў долараў.

Аляксандр Пашкоў лічыць, што новае жыллё будзе задарагое і ўзнікне праблема з яго продажам. Да таго ж яшчэ трэба кудысьці пасяліць людзей са знесеных "хрушчовак". Навуковец перакананы, што неабходна працягваць тэрмін службы такіх дамоў, і для гэтага ў Беларусі ёсць неабходныя тэхналогіі.

Інтэрфакс