Беларускія студэнты сёння паназіраюць за парламенцкімі выбарамі ў Нарвегіі

Студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і актывісты дэмакратычных грамадскіх арганізацый Беларусі сёння бяруць удзел у назіранні на парламенцкіх выбарах у Нарвегіі.
Беларусы акрэдытаваныя ад Шведскага міжнароднага ліберальнага цэнтра і будуць сачыць за ходам галасавання ў чатырох гарадах — Осла, Тромсе, Транхейме і Бергене, перадае БелаПАН.

Місія арганізаваная ў рамках міжнароднага праекту па назіранні за выбарамі, які ажыццяўляецца ў партнёрстве чатырма арганізацыямі: Аб'яднаным цэнтрам беларускіх ініцыятыў, Шведскім міжнародным ліберальным цэнтрам, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і Беларускім домам правоў чалавека ў Вільні.

Беларуская моладзь у межах місіі раней ужо назірала за выбарамі ў Нарвегіі, а таксама ў Грузіі і Літве.