Беларусы-"кілеры" запрасілі ізраільскіх суддзяў у госці ў Беларусь

У акруговым судзе ў Тэль-Авіве ў чацвер адбылося заключнае паседжанне суда ў справе вынясення пакарання беларускім "кілерам". Пракуратура запатрабавала для іх 10 гадоў турмы, аднак суд прызнаў іх невінаватымі ў выкананні замоваў на забойства. Рашэнне па справе беларускіх грамадзян будзе вынесена 27 лістапада.
Як паведамляе партал IzRus, судовы працэс над Валерыем Навіцкім, Сяргеям Шашолкіным, Юрыем Вераб'ёвым і Андрэем Краўчуком працягваўся 4,5 гады. У выніку "кілераў" прызналі вінаватымі толькі па менш цяжкіх пунктах абвінавачвання: незаконны выраб і захоўванне зброі, выкарыстанне падробленых дакументаў, нелегальнае перасячэнне мяжы Ізраілю і аказанне супраціўлення паліцыянту.

Адвакат беларусаў Аві Хімі, не аспрэчваючы рашэння суда, які прызнаў падсудных вінаватымі ў вырабе і захоўванні зброі, усё ж выказаў меркаванне, што дадзенае абвінавачванне надуманае. Паводле яго слоў, зброя знаходзілася ў зачыненым пакоі "канспіратыўнай" кватэры, у якой жылі беларусы, на ёй няма іх адбіткаў пальцаў.

У заключным слове ўсе беларусы падзякавалі суддзям за аб'ектыўнасць і запрасілі іх у госці ў Беларусь: "Прыязджайце да нас... вы ўбачыце, што мы - ніякія не злачынцы, а звычайныя працавітыя хлопцы".

А консул амбасады Беларусі ў Ізраілі Сяргей Палагін адзначыў, што беларускі бок не будзе аспрэчваць судовага рашэння, паводле якога беларусаў пакінуць за кратамі. "Але майце на ўвазе, што мы можам адправіць беларусаў бліжэйшым рэйсавым самалётам, а Беларусь гатовая прыняць сваіх грамадзян", - заявіў консул.