Беларусы купілі нерухомасці ў Літве амаль на 30 мільёнаў еўра

Беларусы купілі нерухомасці ў Літве амаль на 30 мільёнаў еўра

Беларусы купілі ў Літве нерухомасці на 28,4 млн еўра. Такую лічбу прыводзіць выданне "Деловой Петербург", спасылаючыся на статыстычнае ведамства Літвы. Звесткі даюцца на канец 2015 года. 

Грамадзяне Беларусі займаюць другое месца сярод замежнікаў, якія валодаюць нерухомасцю ў Літве. На першым — расіяне, у якіх закуплена маёмасці на 99 млн еўра. 

Паведамляецца, што асноўны попыт на нерухомасць сканцэнтраваны ў сталічнай Вільні. Ёсць пакупкі таксама ў Клайпедзе, Коўне і ў буйных прыморскіх гарадах. 

Кошт элітных кватэраў у цэнтры Вільні — ад 200 тысяч да 1 млн еўра, у залежнасці ад плошчы. Цэны на прыватныя дамы пачынаюцца ад 450 тысяч еўра і даходзяць да 2 млн еўра.